“1.1.1” – штогадовы праект-падарожжа Літаратурнага музея Петруся Броўкі, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.
У гэтым годзе гэта паезка атрымалася яшчэ больш знакавай з нагоды 100-годдзя Васіля Быкава!
Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за акном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, нягледзячы на пахмурнае надвор'е, мы атрымалі задавальненне ад вершаў і прозы, якія гучалі нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.
Першы прыпынак адбыўся ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі “броўкавай”. З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому: Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з “крыніцы паэтаў”!
Ва Ушачах пад знакамітым “бацькоўскім вязам” Барадуліна шчырым словам быў узгаданы дзядзька Рыгор. Мы змаглі зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу, і пачаставацца духмяным хлебам.
Важным пунктам ва Ушачах з'яўляюцца мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Валун з высечаным на ім крыжом быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.
У вёсцы Бычкі нас сустракала сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх – ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат – жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахаронка, што заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.
Цешыць душу цяплом той факт, што музей сустрэў першых наведвальнікаў 18 чэрвеня 2004 года (памёр пісьменнік 22 чэрвеня 2003 года), у першую ж гадавіну смерці Васіля Уладзіміравіча.
Апошняй кропкай у падарожжы стала вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Наведаўшы хату-музей Петруся Броўкі, мы даведаліся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняліся ўражаннямі, якія атрымалі за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, пачаставаліся супам па-ўшацку і клёцкамі, сталілі смагу бярозавікам са смакам парэчак.
А дзявятай гадзіне вечара мы развіталіся з бацькоўскімі хатамі нашых класікаў: Рыгора Барадуліна – ва Ушачах, Васіля Быкава – у Бычках, Петруся Броўкі – у Пуцілкавічах. Вось такое цікавае падарожжа, насычанае літаратурай і эмоцыямі, атрымалася дзякуючы людзям, якія па-сапраўднаму любяць краіну, у якой жывуць!
Сваімі ўражаннямі ад паездкі
(з выкарыстаннем інфармацыі з сайта музея,
каб нічога не прапусціць)
падзялілася Таццяна Пасуднеўская
Комментариев нет:
Отправить комментарий