среда, 5 февраля 2025 г.

Рыхтуемся да Дня роднай мовы


Да Дня роднай мовы яшчэ два тыдні, а школьныя бібліятэкі сталіцы ўжо цалкам акунуліся ў падрыхтоўку да яго.


Тамара Адольфаўна Еўсіевіч, сярэдняя школа № 172:

Напярэдадні свята ў межах акцыі "Беларускiя пiсьменнiкi - дзецям" для вучняў 1-4 класаў гучаць у бібліятэцы любiмыя вершы беларускiх пiсьменнiкаў ва ўсёй сваёй красе: Л. Пранчак, Э. Агняцвет, Р. Барадулiн, А. Зэкаў, І. Фралова. 

Лiтаратурная гасцёўня нашай бiблiятэкi гасцiнна расчынiла свае дзверы для вучняў старшых класаў. І мы акунулiся ў гiсторыю "Мыслiцелi i асветнiкi Беларусi: Еўфрасiння Полоцкая, Францыск Скарына i Сымон Будны".

Дванаццацiгадовая Прадслава прадстала прад намi. Пастрыглася ў манашкi. І праз вякi пiша для нас кнiгi.

Францiшак адправiўся з Полацка ў далёкi Кракаў, а потым у Прагу, каб надрукаваць для нас першую беларускамоўную кнiгу.

Сымон Будны адкрыў друкарню ў Нясвiжы, каб мову родную простаму народу данесцi.

I кожнае сэрца кранулi словы  Францыска Скарыны: "Любiце кнiгу, бо яна крынiца мудрасцi, ведаў i навукi, лекi для душы... "


Плятнева Ксенія Аляксееўна, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 180:

У мэтах папулярызацыі беларускамоўнай літаратуры, абуджэння інтарэсу да роднай мовы і культуры ў бібліятэцы сярэдняй школы №180 імя У.І. Ермака адбыліся гучныя чытанні - чытанне верша Максіма Багдановіча "Змяіны цар". Цар-змей - адзін з персанажаў беларускага фальклору. Фальклор займаў вялікае месца ў творчасці Максіма Багдановіча, які шмат выкарыстоўваў сюжэты беларускай міфалогіі, матывы і вобразы беларускай народнай песні. Дзеці слухалі верш, размалёўвалі маляванку і дапаўнялі яе атрыбутамі з верша (зоркі, месяц, лес...)


Маргарыта Леанідаўна Лапко, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 56:

Гучныя чытанні "Чараўнік роднага слова" да юбілею Рыгора Барадуліна адбыліся і ў нашай бібліятэцы. Гасцямі былі навучэнцы другіх класаў разам з бацькамі і класнымі кіраўнікамі. Бібліятэкар Вольга Уладзіміраўна пазнаёміла ўдзельнікаў з біяграфіяй народнага паэта Беларусі, потым дзеці з задавальненнем адгадвалі загадкі Рыгора Іванавіча, слухалі песні на яго вершы. А скончылася мерапрыемства міні-конкурсам сярод другакласнікаў на выразнае чытанне вершаў паэта.

Шульская Таццяна Вікенцьеўна, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 105:

У нашай бiблiятэцы ў рамках Дэкады прадметаў гуманітарнага цыклу праходзіў конкурс чытальнікаў "Жывое слова" сярод вучняў 5-11-х класаў. Гэта мерапрыемства сабрала шмат таленавітых удзельнікаў, якія прадэманстравалі свае творчыя здольнасцi.
Таксама вучні ўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні "Скарбонка слоў". Дадзеныя мерапрыемствы сталі сапраўдным святам мастацтва слова.

Далучайцеся і ВЫ да святкавання Дня роднай мовы! Далучайцеся да сеткавай акцыі "Беларускія пісьменнікі - дзецям", што рэалізуецца на платформе нашага блога! Да 17 лютага яшчэ ёсць час!



Комментариев нет:

Отправить комментарий