Сваім вопытам з вамі дзеляцца актыўныя ўдзельнікі сеткавай акцыі "Беларускія пісьменнікі - дзецям".
Святлана Фёдараўна Шпакава, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 197:
Пачалося мерапрыемства з размовы пра гісторыю ўзнікнення Дня роднай мовы. У час мерапрыемства гучалі вершы пра любоў да беларускай мовы паэтаў: Я. Коласа, Я. Купалы, Г. Бураўкіна, М. Танка, П. Броўкі, У. Дубоўкі і іншых. Дзеці не толькі чыталі вершы беларускіх паэтаў на роднай мове, але з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у гульнях-вiктарынах.
21 лютага ў бібліятэцы прайшла літаратурная вандроўка “Беларуская казка – розуму падказка”. Мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел навучэнцы 3 “Б” і 3 “В” класаў, прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы.
Падчас падарожжа дзеці даведаліся, што казкі бываюць розныя: народныя, аўтарскія, казкі пра жывёл, чарадзейныя казкі і сацыяльна-бытавыя.
Пасуднеўская Таццяна Аляксандраўна, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 1:
На працягу некалькіх тыдняў чытачы 2-11 класаў і настаўнікі актыўна прымалі ўдзел у стварэнні бібліятэчнага квілта "Маё любімае слова на роднай мове" і ахвотна далучаліся да Гадзіны роднай мовы, размаўляючы па-беларуску.
Ксенія Аляксееўна Плятнёва, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 180:
Тыдзень беларускай мовы ў бібліятэцы ДУА "Сярэдняя школа №180 г. Мінска імя У.І. Ермака".
А вы ведаеце, што такое нагавіцы, гарсэт, андарак? Знаёмімся з назвамі вопраткі беларускага нацыянальнага касцюма.
Нагадаем, што сёлета спаўняецца 155 гадоў з часу выдання (1870) “Слоўніка беларускай мовы”, складзенага Іванам Насовічам. У слоўнік увайшло больш за 30 тысяч слоў, запісаных аўтарам у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай губернях, а таксама ввбраных з вуснай народнай творчасці, старабеларускіх пісьмовых помнікаў.
Чытачы школьнай бібліятэкі прынялі ўдзел у конкурсе чытальнікаў, дзяліліся рэцэптамі традыцыйных беларускіх страў і пісалі лісты Беларускай мове.
Людміла Віктараўна Пыж, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 54:
Да 100-годдзя І.Навуменкі ў нашай бібліятэцы адбылося мерапрыемства "Святло далёкай зоркі" па творчасці аўтара для вучняў 5-7класаў.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем адказвалі на пытанні віктарыны па аповесці "Пераломны ўзрост". Пашырылі свой кругагляд, набылі новыя веды па жыцці і творчасці Мастака слова.
Літаратурная гадзіна, прысвечаная Дню роднай мовы, на сцэне актавай залы
Таццяна Вікенцьеўна Шульская, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 105:
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў школьнай бібліятэцы дзейнічала перасовачная кніжная выстава "Роднай мовы гук чароўны" ў рамках гарадской акцыі "Беларускія пісьменнікі - дзецям". Арганізатар выставы - гарадская дзіцячая бібліятэка № 8, з якой супрацоўнічае наша школа. Для праекта было перадана ў часовае карыстанне 50 сучасных мастацкіх дзіцячых кніг на беларускай мове. Асабліва падабаліся дзецям Казкі-крыжаванкі Алеся Якімовіча. Выконваючы разнастайныя заданні, маленькія чытачы вучыліся быць уважлівымі і кемлівымі.
Для дзяцей школьнага лагера адбылася гульня-вандроўка "Старонкі з моўнай скарбонкі". Дзеці з цікавасцю ўдзельнічалі ў конкурсах, адгадвалі загадкі, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, складалі словы з прапанаваных літар, а таксама прынялі ўдзел у інсцэніроўцы беларускай казкі. Вучні 4 класа выразна прачыталі дзіцячыя вершы на роднай мове для сваіх малодшых сяброў. Наведвальнікі бібліятэкі ўдзельнічалі ў флэшмобе "Маё любімае беларускае слова."
Тамара Адольфаўна Еўсіевіч, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 172:
Дзень роднай мовы адзначылi ў бiблiятэцы. Дзiвосная, непаўторная краiна паэзii сустрэла маленькiх чытачоў. Павага i шчырая любоў да родных чуецца ў кожным вершы. Песнi, казкi, жарты вучаць нас дабру, справядлiвасцi, шчырасцi. Наведвальнiкi бiблiятэкi прынялi ўдзел у флэшмобе "Любiмае роднае слова".
Маргарыта Леанідаўна Лапко, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 56:
А да нас завітаў 4 "В" клас на гутарку-гульню "Гаворым па-беларуску". Мерапрыемства мы пачалі з апавядання Артура Вольскага "Роднае слова", затым нашы госці прачыталі некалькі вершаў беларускіх пісьменнікаў пра родную мову.
Усе ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што родную мову трэба шанаваць і старанна яе вывучаць, а таксама трэба любіць чытаць. Пасля даволі сур'ёзнай гутаркі з навучэнцамі 4 "В" класа, мы пагулялі ў гульню "Гаворым па-беларуску". Напрыканцы мерапрыемства нашы госці з інтарэсам паўдзельнічалі ў стварэнні бібліяквілта "Беларуская - самая мая ❤".
Свята роднай мовы у нас працягнецца адзначэннем юбілею Івана Навуменкі.
Наталля Барысаўна Чэкулаева, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 46:
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў школе адбылася літаратурная сустрэча з паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольгай Шпакевіч для вучняў 8-11 класаў.
Вольга Цімафееўна расказала цікавыя факты са сваёй аўтабіяграфіі, чытала свае вершы, якія пранізаны духам вялізарнай любові да роднага краю, роднай мовы, да свайго народа, да Малой Радзімы. Яна цікава адказвала на пытанні вучняў, паабяцала яшчэ прыйсці на сустрэчу ў школу. На памяць аб сустрэчы зрабілі агульнае фота.
Для бібліятэкі Вольга Цімафееўна падпісала зборнік сваіх вершаў з пажаданнямі і аўтографам.
Сябры! Нагадваем, што ўжо падведзены вынікі адной з самых маштабных сеткавых акцый да Дня роднай мовы "Беларускія пісьменнікі - дзецям". Усе падрабязнасці чытайце на нашых старонках https://minskschoollibrarians.blogspot.com/2025/02/blog-post_21.html
Комментариев нет:
Отправить комментарий