пятница, 21 февраля 2025 г.

У Дзень роднай мовы падводзім вынікі сеткавай акцыі!

Мова... Родная мова
У марах, у песнях, у снах.
Мае ў ёй кожнае слова
Свой колер, і смак, і пах.
Зліваюцца гукі ў словы
I ў рэчышча роднай мовы,
Як рэкі ў мора, цякуць,
I думкі мае плывуць
На хвалях і дзён, і начэй
Да сэрцаў людскіх і вачэй.
Анатоль Грачанікаў

Сёння, 21 лютага, мы сустракаем Дзень роднай мовы падвядзеннем вынікаў міжрэгіянальнай сеткавай акцыі "Беларускія пісьменнікі - дзецям", што рэалізоўвалася рэсурсным цэнтрам "Школьная бібліятэка ХХІ стагоддзя" пры падтрымцы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

Мэта акцыі - абуджэнне пачуцця павагі да роднай мовы як галоўнай культурнай каштоўнасці праз творы для дзяцей беларускіх аўтараў.

І, перш за ўсё, кажам ВЯЛІКІ ШЧЫРЫ ДЗЯКУЙ! усім, хто знайшоў магчымасць падтрымаць агульную справу і далучыцца!

На агульнай платформе з 3 студзеня па 18 лютага 2025 года ва ўсіх аматараў роднага слова была магчымасць падзяліцца напрацаванымі матэрыяламі ў 6 намінацыях:
*Майстры слова
*Тэатр ля мікрафона
*Літаратурная гасцёўня
*Пачыталі? Пагуляем!
*Прэзентуем!
*Вялікай Перамозе!

Усяго ў акцыі прынялі ўдзел 236 чалавек (рэгістрацыю прайшлі 215)  амаль з усіх рэгіёнаў нашай краіны.  Вельмі парадаваў сваімі работамі Брэсцкі рэгіён (16 чалавек). Асобныя словы ўдзячнасці ўдзельнікам сярэдняй школы № 4 г. Віцебска (8 чалавек)! Найбольшая ж колькасць удзельнікаў, 159, з горада Мінска. Вялікая ўдзячнасць за падтрымку членам гарадскога клуба школьных бібліятэкараў "Буквіца" і ўдзельнікам сеткавага таварыства "Школьныя бібліятэкары горада Мінска"!

Сярод удзельнікаў акцыі 169 вучняў 1-11 класаў, 48 супрацоўнікаў бібліятэк, 14 настаўнікаў і выхавацеляў.

Разам напярэдадні свята роднай мовы мы ўспомнілі 88 Майстроў слова. Лідэрамі па колькасці ўзноўленых твораў сталі Максім Багдановіч, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч і Кандрат Крапіва.

У самай насычанай матэрыяламі намінацыі "Тэатр ля мікрафона", што сабрала 68 работ, гучалі расказаныя на памяць вершы Якуба Коласа і Янкі Купалы, Васіля Жуковіча і Эдзі Агняцвет...

Здорава, што ў вялікай колькасці гучалі вершы на ваенную тэматыку, тым больш, што наперадзе юбілей Вялікай Перамогі. У 38 работах намінацыі "Вялікай Перамозе!" успомнілі творы Васіля Быкава, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Анатоля Вярцінскага і іншых аўтараў. 

Хоць мы  і не вызначаем пераможцаў, але вельмі хочацца адзначыць у гэтай намінацыі работу бібліятэкара гімназіі № 13 Віннікавай Алены Міхайлаўны "Балада пра мужнасць (відэапрэзентацыя на тэму: "Жанр балады ў беларускай паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны")". Абавязкова знайдзіце яе на дошцы!

23 работы намінацыі "Майстры слова" акунулі нас у свет жыцця і творчасці тых, з кім знаёмімся яшчэ ў школе на ўроках роднай мовы. Хай сабе і няшмат, затое вельмі дасканалыя і грунтоўныя працы (разам іх колькасць складае 23 работы) прадставілі ўдзельнікі ў "Літаратурнай гасцёўні" і "Прэзентуем!". 

Вельмі парадавалі, зацікавілі і прымусілі папрацаваць галавой квэсты, віктарыны, крыжаванкі па творах айчынных аўтараў. Усяго намінацыю "Пачыталі? Пагуляем!" дапоўніла 21 работа.


Дарэчы, работы апошніх чатырох намінацый у хуткім часе папоўняць раздзел "Майстры слова" нашага блога.

Хай крыніцы вашага натхнення будуць невычарпальнымі! Стварайце дабро вакол сябе! Нясіце яго ў людзі! Здзіўляйце іншых і здзіўляйцеся самі! Дзякуй усім за добрыя словы ў адрас мерапрыемства і арганізатараў! Вельмі прыемна адчуваць вашу падтрымку!

Па спасылцы ніжэй, спадзяюся, кожны (нават той, хто не прайшоў рэгістрацыю) знойдзе свой сертыфікат. Калі раптам што не так - пішыце, усё выправім! 

СЕРТЫФІКАТЫ



Комментариев нет:

Отправить комментарий