У ліпені адбылося маё невялічкае падарожжа ў Гродзенскую вобласць. Праграма экскурсіі ад @zamak.by: Іўе – Геранёны – Суботнікі – Жэмыслаўль – Гальшаны – Радзевічы. У меню: руіны і падмуркі замка, касцёлы, квэст, карчма з дранікамі, майстар-класс па старасвецкіх танцах...
Невялічкае падарожжа ў сэнсе геаграфічным. Глыбокае ж па сваёй унутранай прасторы. Здзейснілася вандраванне па часе, па гісторыі, літаратуры, шлях запаволенай пешшу па сваёй душы, стомленай ад мітусні горада. Час спыніўся, замарудзіўся, нават згубіўся. Засталіся руіны сярэдневяковага замка, ты такі маленькі на фоне яго былой велічы, проста кузурка. І яшчэ навакольны свет, створаны не табой.
Да чаго вяду размову? Чым звязаны замак у Гальшанах (менавіта той знакаміты замак з аднайменага рамана У. Караткевіча) з “Каменным цветком” Бажова? Што іх можа яднаць? І чаму замак “чорны”? Гэта хлусня (прабачайце, паважаны пісьменнік), ён зусім іншага колеру.
З чым асацыюецца ў звычайнага чалавека сярэднявечны замак? Схаваныя скарбы, рыцары, шыкоўны бал і, канешне ж, легенды, прывіды. “Чорны” як метафара тайны, змрочнай атмасферы, складаных загадак, блукаючых ценяў у падмурках замка.
Як абстаяць справы з легендамі? Цудоўна! Усё маецца ў наяўнасці.
Легенда №1. Чорны манах
Малады небагаты шляхціч Грыміслаў Валюжэніч закахаўся ў княжну Ганну-Гардзіславу Гальшанскую. Дзяўчына адказала яму ўзаемнасцю, але супраць гэтых зносін быў стары муж Ганны (па іншай версіі, бацька).
Насуперак абставінам хлопец працягваў сустракацца з каханай і ў замак прабіраўся ў адзенні манаха. Але ж хутка тайну раскрылі і, каб захаваць гонар роду, раз’юшаны князь Гальшанскі загадаў замураваць юнака з дзяўчынай у адной са сцен замка.
Легенда №2. Белая пані
Гэта легенда звязана з узвядзеннем каля замка францысканскага манастыра.
Будаўнікам манастыра была абяцана вялікая ўзнагарода, калі яны ўправяцца ў тэрмін. Але адна са сцен увесь час давала расколіну. Каб гэта прыпыніць, рабочыя вырашылі прынесці ахвяру. Вырашылі так: першая жанчына, якая прыйдзе на будоўлю, і стане гэтай ахвярай. Няшчаснай апынулася жонка аднаго маладога рабочага, якая прынесла яму ежу на абед. З тых часоў душа дзяўчыны блукае па замку, не знаходзячы пакою.
Чорны замак Альшанскі. Месяц нырае ў хмарах.
Вежы туманныя ў змроку сны аб мінулым мараць.
Слухаюць вецер золкі, вой далёкі ваўчыны,
Слухаюць, як на мурах са страху трасуцца асіны…
У, як ціха і мёртва! У, які змрок глыбокі!
Ціха! Ты чуеш здалёку ў аркадах бязгучныя крокі!
Кожную поўнач такую ў замку, што стыне ад жаху,
Па галерэях праходзяць дама з чорным манахам.
Дарэчы, гэтыя легенды маюць працяг. І досыць не такі вясёлкавы. Таму што тайна, а мы ведаем толькі самы яе ўскрайчык, таму што лепш, мабыць, не кранаць, таму што тут адбываецца перакрыжыванне часоў, як дарог, на якіх стаіць стары замак – дарог з Вільні на Мінск, з Гродна на Смаргонь.
Гістарычныя сведкі
Прадстаўнікі ўладальнікаў Гальшан займалі высокія пасады ў дзяржаве, а дамы роду пакаралі сэрцы знакамітых мужчын.
Напрыклад, Ульяна Гальшанская была жонкай князя Вітаўта, а Соф'я Гальшанская стала жонкай караля Ягайлы. З яе пачалася вядомая каралеўская дынастыя Ягелонаў.

Новы мураваны замак быў узведзены ў першай палове XVII стагоддзя. Кампазіцыйна ён быў падобным на Мірскі замак і ўяўляў сабой прамавугольную замкнёную форму з бакамі амаль 100 м на 90 м.
Пад двума паверхамі знаходзіліся шэсць падвалаў, кожны з якіх меў сваё прызначэнне - піўны, мядовы, вінны і інш.
У замку размяшчаліся саладоўня, бровар, кухня з пякарняй, лазня, цэйхгаўз (дзе захоўвалася зброя), хата гайдукоў (ахоўнікаў) і гараднічага, турма, стайня і іншыя аб'екты для аўтаномнага жыцця рэзідэнцыі. Была наладжана вытворчасць паперы, пабудаваны манастыр з касцёлам.
Дарэчы, шмат з таго, што выкарыстоўвалася ў будаўніцтве і аздабленні замка, выраблялася ў саміх Гальшанах, да прыкладу, кафлі.
Сучасны ашмянскі майстар Мар'ян Козар зрабіў рэканструкцыю геральдычнай "кафлі". У цэнтры намаляваны герб Сапегаў Ліс, у верхніх кутах - ініцыялы ўладальніка замка (PS - Павел Сапега), у ніжніх - яго пасада (РWХL - падканцлер ВКЛ) і дата - 1627.
У будынку была ўладкаваная ўнікальная сістэма ацяплення, меліся вадаправод і каналізацыя.
Пра дабрабыт мясцовых жыхароў гаворыць знойдзены ў 1976 годзе скарб: больш за 800 сярэбраных манет канца XV - пачатку XVI стагоддзя.
”Гладко да ровно, узор чистый, резьба по чертежу, а красота где? Вон цветок… самый что ни есть плохонький, а глядишь на него — сердце радуется. Ну, а эта чаша кого обрадует? На что она? <...> А где, спрашиваю, красота камня? Тут прожилка прошла, а ты на ней дырки сверлишь да цветочки режешь. На что они тут? Порча ведь это камня. А камень-то какой! <...> Стебелек выточил, боковые листики тонехоньки — как только держатся! Чашку, как у дурман-цветка, а не то… Не живой стал и красоту потерял”...
П. Бажоў “Каменная кветка”.
Прыгажосць у самім жыцці, а ты проста пілігрым, які дасланы на гэты свет атрымліваць асалоду ад гэтай прыгажосці і не псаваць яе, калі намагаешся зразумець, пранікнуць у патаемнае ці паўтарыць яе партрэт. І таму душа твая, не спаганеная карысцю, злобай, таксама робіцца прыгажэйшай, пачынае зіхацець як малахіт. Душа ўжо не халодны камень, а цёплая, жывая.
Да пачатку ХХI стагоддзя ад некалі цудоўнага замка захаваліся только руіны. Што ж разбурыла яго прыгажосць?
Пасля смерці Паўла Сапегі ў канцы XVII ст. Гальшанскі замак перайшоў да новых гаспадароў, і на працягу стагоддзяў яшчэ не раз змяняў уладальнікаў. У 1649 годзе Гальшаны за даўгі падвергліся эксдывізіі, гэта значыць падзелу паміж крэдыторамі.
У 1880 году чарговы ўласнік вырашыў, што ад такога вялікага замка толькі траты, і разбурыў частку веж і сцен, а цэглу прадаў для пабудовы карчмы.
Да 1939 года ў замку яшчэ жылі гаспадары, а пасля Вялікай Айчыннай вайны ацалелыя памяшканні пачалі разбіраць на матэрыялы для ўзвядзення дома культуры і свінарнікаў мясцовай гаспадаркі.
І далей практычна па цаглінцы мясцовыя жыхары разабралі сцены на будаўнічыя патрэбы. Дарэчы, цэгла мае назву “пальчаткі”, гэта значыць з адбіткам рукі майстра.
Рукамі пабудавалі, імі ж і разбурылі. Усё аднымі пальцамі, рукамі.
Працэс стыхійнага, бяздумнага разбдурэння працягваўся да таго моманту, пакуль пры абрушванні адной са сцен не загінула два чалавекі.
Таму якую назіраем зараз карціну? Гэта - кансервацыя замка з фрагментарнай рэстаўрацыяй. На данны момант толькі паўночна-ўсходні корпус замка - музеефікаваны.
Што цікавае ёсць для турыстаў ці пілігрымаў? Якія мерапрыемствы праводзяцца ў замку?
Фестываль сярэднявечнай культуры "Гальшанскі замак;
"Ноч музеяў ля сцен Гальшанскага замка";
"Летнія вечары ў Соф'і Гальшанскай".
А ў Мінску на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра можна паглядзець пастаноўку "Соф'я Гальшанская"
Што яшчэ?
У розныя часы захаваннем прыгажосці замка і яго краявідаў займаліся ў сваёй творчасці такія мастакі, як Язэп Драздовіч, Наполеон Орда, Вінцэнт Дмухоўскі.
Падчас экскурсіі ледзь не пазбавіла жыцця жабу. Жанчына, якая распавядала пра гісторыю замка, дадала: “Гэта невыпадкова. Жабы – гаспадары замка”. І патлумачыла, што адным з ўладальнікаў замка пасля Гальшанскіх быў род, які насіў прозвішча Жаба.
Пасля наведвання Гальшан засталося змешанае пачуццё радасці дотыку да гісторыі і адначасова горычы, болю. Чаму так? Чаму не захавалі?
Таму напрыканцы размовы хачу прывесці словы Антона Косміча - галоўнага героя рамана У. Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”: "Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў".
А сама накіруюся да адной з паліц і вазьму томік Караткевіча.
Сваімі ўражаннямі падзялілася Лэйда Аляксандраўна Мурманцава,
бібліятэкар сярэдняй школы N 12
Былі ў Гальшанах увосень з сям'ёй... Наведвалі яшчэ старое гарадзішча і Крэўскі замак. Засталіся вельмі ўражаныя. Насамрэч, пачуцці змешаныя... Дзякуй, Лэйда, за Вашыя ўражанні і за магчымасць зноў апынуцца ў цікавых месцах нашай гісторыі
ОтветитьУдалить