пятница, 31 июля 2026 г.

Лета - час вандровак: Вандроўкі ў ваколіцах Мінска


Лэйда Аляксандраўна Мурманцава, бібліятэкар сярэдняй школы N 12 г.Мінска:

Ты сядаеш на арэлі, запракідваеш галаву і ляціш да птушак, і неба калышацца разам з табою. І кожная арэля спявае сваю журботную песню. І ты яе ведаеш, ведаеш, аб чым яна, але слоў, як заўсёды, недастаткова. І гэтая невыказанасць плыве па рацэ часу, адтуль, з самых глыбінь, адтуль, дзе яна стваралася. Дзе цябе яшчэ не было.  І ты ўжо быў. Таму што насамрэч часу няма. 

Існуе адначасова ўсё. І калі ты трапляеш у такія месцы, то проста выбіраеш адну са шматлікіх рэчаіснасцей. Трапляеш у пэўны, асабісты свет. І пабыўшы там, вяртаешся ў будзённае. І гэта не толькі з падарожжамі. Але і з кнігамі, са спектаклямі... І кожны з нас - сваеасаблівы свет, космас, некранутая прастора. Таму не злуйся: непаразуменне адзін аднаго - гэта проста сустрэча розных планет. І ўсё.

Строчыцы - музей пад адкрытым небам.

Дзень пачаўся з шэрага неба, з дажджу, з думкі: “А куды ж ты намылілася ў такое сабачае надвор’е?” 

Але ж намылілася. Захапіла парасон і села ў маршрутку. А дождж усё мацней і не думае заціхаць. Выходжу з маршруткі - сапраўдная залева. Тут трэба гумавыя чаравікі да калена. Але яшчэ лепей: сесці ў адваротны бок, паехаць дадому, закруціцца ў коўдру і залегчы на канапу. І спаць-спаць-спаць. А потым глядзець фільм ці напячы блінцоў. А ты - дурніца ўпартая. 

Іду па дарозе да музея - насустрач тыя, хто ўжо досыць пабадзяліся па палях ды хатах. Глядзяць - вочы амаль паламалі. Мы дурныя - а ты яшчэ большая дурніца! 

Думаю так: маё будзе маім, усё для мяне любімай. 

Купляю квіток, даведваюся, што карагод і вогнішча ў гонар заканчэння Пятроўскага паста адмяняюцца праз непагоду. 

Пытаю ў адміністратара пра гумавыя чаравікі напракат - нічога такога няма. А з паліц глядзяць самаробныя лялькі ды ўсміхаюцца. 

Першая кропка - Дом канца 19-пач.-20 ст. з вуліцы Вызвалення, 4.

Раней быў часткай драўлянай забудовы Ракаўскага Прадмесця. Домаўладальнік - Купер Лейба Гіршавіч, па дакументах здаваў дом арандатарам. 

Дом падзелены на дзве невялічкія кватэры. 

У першай кватараваў фабрычны работнік з сям’ёй у 3 чалавекі і адной прыслугай, у другой - крамнік з сям'ёй у 9 чалавек і адной прыслугай. 

Дом пабудаваны з бруса, страха крыта гонтай. Ліштвы ўпрыгожаны разьбой, аканіцы - афарбаванымі філёнгамі. На гэты час музейнай часткай, адкрытай для наведвання, з'яўляецца толькі адна з кватэр, у другой - службовае памяшканне. 

Для добрага размяшчэння экспанатаў і ўладкавання музейнай прасторы былі знесены міжпакаёвыя сцены. І перад табою фактычна - кватэра-студыя, дзе ўсё, як на талерцы, усё на вачах. І даволі маленькая, каля 50 метраў. Уявіце сабе сям’ю з 9 чалавек і дадайце прыслугу - ім разам даводзілася так жыць. І не адзін дзень.

А завітай ужо не ў кватэру, а ў любую хату - там тое самае - агульная комната. А нараджалі па 10-15 дзяцей. Чаму так мясціліся?

Хаты, дамы атапліваліся печчу. Таму і пакой адзін, і памер яго невялічкі, і столь невысокая, каб цяпло захоўваць. А калі некалькі пакояў, дык і печка яшчэ была патрэбная.

Згадайце кнігі 19 ст.: у іх чытаеш пра тое, што чалавек здымаў кут. Не кватэру, не пакой, а кут. І гэта сапраўды так: адзін пакой і кожны туліўся ў сваім куточку. 

Карацей кажучы, наведала 19 ст., добра пагутарыла з наглядчыкам музея - сонечнай бабулькай, якая перавязвала стужкай нейкае калоссе. І апынуўшыся на вуліцы, адчула, што надвор’е змянілася: дождж амаль скончыўся, спахмурнелае неба - пасвятлела. Быццам правяла ў 19 ст. доўгі час. 

А што далей? А далей - цішком паспрабаваць чорную парэчку, якая хаваецца за сланечнікам. Тут паўсюль агароды. Побач карчма, у ёй і гатуюць з таго, што расце. А яшчэ наглядчык дадаў, што, напрыклад, падчас нейкага народнага свята, праводзяцца конкурсы, спаборніцтвы. "Ускараскайся на слуп - атрымай мех бульбы". Вось табе і для чаго.

А далей? А далей трэба наведаць царкву 18 ст. 

Заплюшчыць вочы і слухаць, як з дынаміка гучаць царкоўныя спевы. Яны паступова ахутваюць цябе, закалыхваюць. І ты іх зноў жа ведаеш, як  тужлівыя песні арэляў.

А ў гэтых спевах - вялікая згода з усім, што завітвае да цябе, вялікае прыняцце жыцця, любові Творцы. Вялікі давер. Усё – на тваё дабро, на шчасце.

Нарадзіўся, увасобіўся часовым спадарожнікам на гэтай зямлі - жыві, радуйся і будзь удзячным.

Далей? 

Далей - коні. Ты лашчыш іх цёплыя, сагрэтыя сонейкам морды, а яны жуюць траву, нейкія зёлкі, цягнуцца да тваіх далоняў, разумеюць, што нічога там няма, і далей спакойна працягваюць жаваць, прывязаныя да калочкаў доўгай вяроўкай. 

А далей - хаты, пуні, свіраны, калодзежы, вуллі-калоды (калода і калодзеж - адзін корань). І ты раптам пачынаеш разумець даўно знаёмыя прозвішчы.  

Бондар (майстар па вырабу драўлянага посуду), Стэльмах (майстар па вырабу колаў, вазоў, брычак)...

А што далей? А далей, дарэчы, Народнае вучылішча. Усё сур’ёзна. Да адукаваных жыхароў - павага. І ты бачыш досыць вялікую пабудову з некалькіх пакояў. Самы вялікі з іх - былы клас. Сені (дзе распраналіся), пакойчыкі настаўніцы (настаўніка). Раней была такая завядзёнка: настаўнікі жылі пры школах.

Класы былі зборныя. Складаліся з так званых аддзяленняў. І для кожнага аддзялення - свая праграма. Што за праграма? Напрыклад, 6 заняткаў. Першы занятак:

1.Аддз. Размова пра дамашняга каня

2.Аддз. Аб хрышчэнні Ісуса Хрыста

3.Аддз. Вучыліся састаўляць распіску аб атрыманні грошай. 

Арфаграфія дарэвалюцыйная: з яцямі і ерамі.

 «Вучы іншыхъ - і сам зразумеешъ». 

У класе печ, чайнік з вадой, чуецца нетаропкае шапаценне старонак, па пакоі лунае пах гісторыі. І ты ўжо сядаеш за парту з нахілам, бярэш амарантавае пяро і павольна, старанна выводзiш першыя словы: “Азъ Буки Вѣди”. 

А далей цябе пранізвае думка, што раней усе гэтыя далёкія ад цябе прылады - калаўроты, драбіны, жорны і г.д. - былі не часткай музея для дапытлівых наведвальнікаў, а часткай жыцця. Трэба было проста выжываць, цяжка працаваць. Тут не да дэпрэсіі. Тут абы да ложка дапаўзці, тут клопат пра тое, як немаўлятка даглядзець, пакуль жнеш на спякоце, тут малітва да Творцы і падзяка за добрае надвор’е, за тое, што адпусціла гарачка, за добрых людзей, якія сабраліся талакой і дапамаглі пабудаваць хату. І дзякуючы гэтым намаганням, надзеям, малітвам, шчырым словам, і ты калісьці вылупішся на гэты свет.

Плятнёва Ксенія Аляксееўна, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы N 180 імя В.У.Ермака:

Наведала ў выходныя сядзібу Чапскіх у Прылуках — адзіную, якая адносна добра захавалася ў Менскім раёне. Стварэнне сядзібы пачалося ў 18 ст. Першапачаткова на гэтым месцы быў праваслаўны манастыр. Уладальнікамі маёнтка з'яўляліся Стэцкевічы, Агінскія, Іваноўскія, Ашторпы, Гарваты. У 1872 г. Прылукі набыў граф Эмерык Гутэн-Чапскі. Апошнім уладальнікам маёнтка з'яўляўся яго малодшы сын Ежы (1861—1930), які пасяліўся ў Прылуках з маладой жонкай у 1886. У 1917 г. маёнтак з фальваркамі Атоліна, Воўчкавічы, Скарынічы, Самуэлева і Караліна займалі 18 тыс. га. Пасля разбурэння ў канцы 2-й сусветнай будынак быў адноўлены ў 1950-я гг. для размешчання інстытута аховы раслін, які там знаходзіцца і сёння. Палац быў аформлены сціпла. Мелася няшмат ляпніны на столі і ў парадных пакоях. Усё ўбранне было новае, апрача некаторай мэблі. Паколькі галоўнай рэзідэнцыяй Чапскіх было Станькава, то і твораў мастацтва ў Прылуках захоўвалася мала. Сярод набыццяў Е. Чапскага меўся партрэт Станіслава-Аўгуста Панятоўскага (мастак Лампі), сямейныя партрэты і мініяцюры, эскізы Матэйкі, гадзіннік Буля, срэбра і фарфор 18 ст. (саксонскі і французскі), фартэпіяна Бехштэйн. На першым паверсе ў шафах захоўвалася бібліятэка ў некалькі тысяч тамоў, у асноўным на французскай, англійскай і нямецкай мовах; у спецыяльных скрынях — архіў. Найбольш каштоўныя рэчы ў 1914 г. былі змешчаны ў Мінскі банк і ў асноўным прапалі, частка трапіла ў Варшаву...  

Працяг вандроўкі - Станькава - сядзібна-паркавы комплекс Чапскіх. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў палацы размяшчалася школа, потым дзіцячая калонія. У Другую сусветную вайну палац быў разбураны. На яго месцы пабудаваная школа-інтэрнат. Некаторыя будынкі - канюшня, флігель - захаваліся добра да сеняшніх дзен. Найбольшую ўвагу прыцягвае так званы Скарбчык - двухпавярховы павільён з чатырма вежамі, які нагадвае сярэдневяковы замак у мініяцюры. На жаль, гэты прыгожы будынак разбураецца, яго стан патрабуе тэрміновай рэстаўрацыі. Музейныя калекцыі «Скарбчыка» ўключалі: нумізматычныя зборы, гістарычныя малюнкі, збор жывапісу і графікі, гравюры, старажытныя іконы, старую зброю, рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалагічныя і геалагічныя рэдкасці і іншае. У бібліятэцы было больш за 20 тысяч тамоў, збор рукапісаў; выдадзены спецыяльныя каталогі па асобных калекцыях. У 1894 годзе частка музея вывезеная ў Кракаў, цяпер знаходзіцца ў аддзеле імя Э. Гутэн-Чапскага Нацыянальнага музея ў Варшаве.


P.S. Пытанне ад Лэйды Аляксандраўны
Што за цацка на фотаздымку? З чаго зроблена?




Комментариев нет:

Отправить комментарий