четверг, 2 июля 2026 г.

Лета - час вандровак

Жывеш датуль, пакуль

Жыве ў табе Радзіма,

Пакуль з тваёй рукі 

П’юць песні жаўрукі.

Пакуль на свет глядзіш

Бацькоўскімі вачыма,

Здалёку пазнаюць

Вякі і землякі.

Р. Барадулін

Ксенія Аляксееўна Плятнёва, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы N 180 г.Мінска імя В.У.Ермака:

Узяла тыдзень адпачынку і павандравала па Беларусі. 

20 чэрвеня - Нясвіж, вечары Вялікага тэатра ў замку. На відэа - мае любімыя артысты, салісты тэатра Тарас Прысяжнюк і Марта Данусевіч.

26 чэрвеня - Бабруйск. 

Краязнаўчы музей, фестываль народных рамёстваў, воданапорная вежа з помнікам Шуры Балаганаву (з цытатай пра горад Бабруйск), тыпаграфія, дзе працаваў Міхась Лынькоў...

На Бабруйшчыне нарадзіліся В. Дунін-Марцінкевіч і У.Сыракомля. Мясцовы драматычны тэатр носіць імя Дуніна-Марцінкевіча.



Лэйда Аляксандраўна Мурманцава, бібліятэкар сярэдняй школы N 12 г.Мінска:

«Мне адступаць няма куды – 

За мной Вушача. 

Яна за мной, яна ўва мне, 

Я ў ёй – таксама». 

Р.Барадулін

Улетку добра вандраваць. Але не турыстам-разявакай, што пячэцца на беразе мора, як каўбасы на вогнішчы. Не. А наблізіцца да пілігрыма - вандроўніка па часе, свету, сябе. 

Тры постаці, тры вязы, тры творцы - Барадулін, Быкаў, Броўка. 

Што адбылося раніцай непасрэдна перад паездкай? Заблакіраваўся тэлефон. Канешне, не кожны дзень даводзіцца прачынацца а чацвертай гадзіне і няверна ўводзіць пін-код запар тры разы. А потым яшчэ нейкі рuc-cod патрэбен. А уладальнік нумару, якім карыстаюся, - за мяжой і г.д. Паснедаўшы, неяк змірылася з новымі абставінамі. Мабыць, так і павінна ўсё было адбыцца: ехаць на экскурсію проста так, проста з вачыма, нагамі і торбай. Як гэта рабілі раней, як раней жылі і напітваліся сокамі. І вось што адбылося: у галаве быццам з’явілася пленка, тая самая знаёмая на 24 ці 36 кадраў. І таму трэба здымаць самае-самае і не псаваць яе на абы што. 

Атрымаліся такія каштоўнейшыя кадры, якія застануцца з табой назаўсёды, нават калі пазабудуцца, то проста будуць існаваць у цябе ў выглядзе заархіваванай ці закансерваванай радасці і захоўвацца да пары. 

А здымкі вось такія, глядзіце.

1. Крыніца паэтаў. Броўка напрыканцы жыцця паклікаў туды паэтаў Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна, А.Савіцкага... Сказаў ім, што спыняўся каля крыніцы кожны раз, калі ішоў па справах па Ушацкай зямлі. І хоча перадаць гэтае месца ў спадчыну. Вада дагэтуль струменіць. Набралі ў кубкі і бутэлькі, напіліся. Пасмакавалі.

2. Вялікі вяз каля дома Р. Барадуліна. Як дах ад усялякіх ветразяў, дажджоў, завірух. Калі паэт завітваў дадому, то заўсёды абдымаў яго. І казаў: “Энергіяй напітацца”. 

Гэты вяз пасадзіў яшчэ яго бацька да сваёй гібелі падчас вядомай аперацыі “Прарыў”. Велізарнае, мудрае, сямейнае дрэва. 

3. Падстрэшша, так зваў свой кабінет на другім паверсе дзядзька Рыгор. Другі паверх - гучна сказана. Два покойчыкі пад самім дахам, столь з нахілам. Тут даўно не прыбіралі, паўсюль пыл, павуцінне, усё так і засталося, як было пры жыцці паэта. Таму што дом - не музей. З дазволу сваякоў паэта, бяруць ключы і ладзяць для ахвочых да вершаў пілігрымаў сустрэчы. З часам, словам, з жыццём.

Каб патрапіць у кабінет, патрэбна падняцца па стромкай лесвіцы. Як паведаміў экскурсавод, Барадулін узлятаў па ёй, як птах! 

Калі на першым паверсе прахалода, нежылы пах, то на другім - саванна. Дах, моцна нагрэты сонцам, аддае ўсё цяпло табе. Стол, нататнікі, кнігі, невялічкія ложкі - усё насычана сонцам. І са сцяны глядзяць ромбападобныя вакенцы, як соты пчаліныя.

Тут спыніўся час. Гэтая прастора адна з тых, што бачала калісьці ў сваім сне, марыла аб ёй. Прастора, ахутаная сонечнай дымкай. Прастора, дзе нараджаецца свет. А з ім слова. 

Позняя паэзія Барадуліна філасофская, духоўная, набліжаная да неба. Паэт намініраваўся на Нобелеўскую прэмію. Але не хапіла перакладаў з беларускай мовы. Да і як перадаць тое, што непадуладна аніякаму перакладу? 

4. На плоце перад домам паэта, вісіць шыльда з вершамі, якая таксама як асобны кадр. Позірк у сябе, запаволены час, прыпынак на роздум. Хто я? Навошта я тут? Як далей? У чым сэнс усяго? І адна думка, якая пранізвае наскрозь: “А што пасля? Пасля цябе? А што там, за межамі?” Ты як малылёк - крохкі, хуткаплынны. А яшчэ прыгожы, дзіўны матылёк.

Зборнік вершаў “Ксты”. Мне падабаецца само слова “верш, стрыжнем якога з’яўляецца корань “верх”. Тое, што ўздымае, тое, што ачышчае, абуджае, любіць.

«КСТЫ» – шматзначнае. 

Гэта і хрост (хрышчэнне), і крыжы, і пальцы, якія складваюцца, каб перахрысцiцца (перажагнацца).

Ідэя кнігі – разуменне кожным чалавекам, што ён нясе свой крыж, што ахрышчаны носіць на сабе знак прыналежнасці да Хрыста, да вялікай хрысціянскай сям’і і да вечнага неба – збаўлення.

Сапраўдныя вершы пішуцца на нябёсах.

Бог не скажа пра свой намер, 

Чалавек свае думкі тоіць. 

Што было, тое ёсць і цяпер, 

І што будзе, было ўсё тое. 

І вада лёд перажыве, 

Неба – хмару, будзённасць – мару. 

Закарціць у рыжай траве, 

Як каню, пакачацца пажару. 

Даланю навярэдзіць кассё. 

І лаўца дагоніць здабыча. 

І наноў паўторыцца ўсё. 

І мінулае Бог пакліча. 

 Р. Барадулін


5. Могілкі. Па воле паэта на могілках ляжыць вялікі валун, камень, з якога высечаны крыж. Гэты камень спускалі сюды з дапамогай верталёта, праз высокія хвоі, зноў жа з нябесных верхавін. І вось так спыніцца і доўга, пакуль не закружыцца галава, глядзець у неба, у макаўкі хвой, якія калышуцца ад паветра.

6. Чалавек ля мікрафона. Ці фотаздымак голасу. Па задуме арганізатараў у аўтобусе былі зладжаны нон-стоп чытанні. Кожны жадаючы мог узяць мікрафон і пачытаць. І гэта вельмі-вельмі важна. Чаму? Таму што ты дабіраешся да пэўнай кропкі ўжо настроены, як музычны інструмент, унутры цябе гуляе паветра і яно гатовае злучыцца з навакольным паветрам, каб атрымалася... музыка. Паэзія - гэта музыка, не інакш. Музыка, якая лунае ў прасторы, толькі прыслухайся, даражэнькі мой чалавек, прыслухайся. 

7. Хлеб і водар хлеба. Яго пячэ супрацоўніца музея Р. Барадуліна - Людміла Дунец. Пякарня “Жыта жыцця” @miladeva1 Хлеб рознага смаку - як мы, як надвор’е, як словы. Прывезла з сабой хлеб “Лянок” з зярняткамі. 

8. Яшчэ ўсплывае ў галаве надпіс “Дуліна ад Барадуліна”)) Мабыць, з часопіса “Роднае слова”, дзе любяць друкаваць розныя шаржы на пісьменнікаў.

9. Касцёл, якому трыста год. Разбураны. І вісіць шыльда, на якой вялікімі літарамі напісана: “Небяспечна”. І ты абыходзіш касцёл з усіх бакоў і лезеш у самае нутро. А там... Вось менавіта там я найбольш пашкадавала, што не маю камеру. У купале - неба, а на рэштках купала - расце вялікае дрэва. Камень і дрэва - гэта тое, што пакідае час. А яшчэ слова. 


10. Вёска Бычкі. Невялічкая хата. Музей В. Быкава. Нездалёк яе - камень. Ён ляжыць на тым месцы, дзе раней стаяла яшчэ адна хата. Менавіта ў ёй нарадзіўся будучы пісьменнік. Да музея (які больш нагадвае хутар, асобна стаіць і трымае неба) ідзе добрая дарога. Як паведаміў экскурсавод, гэтая дарога была зроблена на грошы адной з прымій, якую атрымаў Быкаў. Дом, неба, шлях. Гэта такія добрыя кропкі на зямной мапе. У аўтобусе чытала ўрывак з ўспамінаў В. Быкава. 


11. Людзі каля музея. Усе экскурсіі вяліся на вуліцы. І толькі потым заходзілі невялічкімі групамі унутр.

12. Малюнкі на стале. Малюнкі Быкава. Сціплыя, двухколерныя. Чорны і белы, дзень і ноч, смерць і жыццё.

13. Вышчарбленая спінка старога ложка.

14. Бюст В. Быкава. Прыхілалася галавой. А потым спытала сябе: чаму менавіта так зрабіла? І чаму гэты рух такі знаёмы? Так раблю ў царкве, калі прыкладваюся да іконак. Амаль усе творы Быкава пра вайну. І ў кожным з іх пытанне: Як і чаму чалавек робіцца нечалавекам? І як захаваць у сябе чалавека? Сімвалічна, што памёр В. Быкаў 22 чэрвеня. 


15. Каласок на лаве. Чамусьці паклала яго на лаву. “Прывітанне ад Барадуліна”. 

Зачапіўся за спадніцу ў двары Барадуліна каля знакамітага вяза.

16. Вёска Пуцілкавічы. Хата П.Броўкі. Каля яе назіральнікі - жанчына яшчэ не сталага ўзросту і яе памочнікі - дачка і ўнучка. Чакаюць нас на лаве. Абяцалі частаваць. 

17. Дарога праз вёску. Цішыня. Хадзем па дарозе. Хто ў абутку, хто басанож. Пайшла басанож.

18. Стэла перад хатай гонар маці П.Броўкі. І аповед пра тры Алены ў жыцці творцы. Адна з іх - маці. Яна загінула ў Асвенцыме, даўшы жыццё той, каму яшчэ жыць і жыць. Кожнага дзесятага ў той сумны дзень павінны былі спаліць у крэматорыі. Дзяўчына з вёскі - дзясятая, Алена - адзінаццатая. Алена вырашала быць дзясятай.

19. Стол Броўкі. Прывезены сюды, у вёску. Адна з нешматлікіх асабістых рэчаў паэта. Усё знішчылася падчас пажару. Хату аднаўлялі па аповедах сваякоў. На стале - энцыклапедыя. Цяпер ужо імя П. Броўкі. Ён быў яе рэдактарам. Як казаў Броўка пра гэтую справу: “Сам палез у кошык”. І лічыў, што краіна нароўні са сцягам і мовай павінна мець сваю энцыклапедыю. 

20. Пятрусь Броўка і Пятро Глебка. Таму менавіта і Пятрусь, каб не блыталі, каб не казалі, што ты выступаў учора ўвесь дзень, а ты насамрэч рыбу вудзіў.

21. Яшчэ кадр, які застаўся ва ўспамінах паэтаў. Карова, якая з вялікім задавальненнем жуе пасведчанне галоўнага рэдактара выдавецтва “Полымя” - П. Броўкі. Але ж карова трапілася паважлівай да рэдактараў і часопісаў, і таму ў хуткім часе, паварушыўшы стажок, усё шчасліва знайшлі.

22. Фотаздымак Броўка косіць пад Маякоўскага. Гальштук, паголеная галава, суровы погляд і, канешне ж, знакамітая лесвічка са слоў. 

Кубак, на якім Броўка сумяшчае Маякоўскага і стыляг 60-х гг. Падарунак ад музея за нон-стоп чытанні. Дарэчы, калі б Броўка не стаў паэтам, то мабыць стаў бы заўзятым акторам. Столькі ў ім было жвавай энергіі!

23. І грыбны суп, каўбаса пальцам піханая, бульбяныя галушкі са смятанкай. Фотаздымак “Смаката”. І нечым нашае застолле, дзе ўсе ведалі адзін аднаго меньш за дзень, нагадвала вяселле. Абрад нараджэння любові. Да зямлі, да слова.

Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,

Каб звонка звінела, была, як агонь.

У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў,—

Блонь,

        Струнь,

                Звонь!

                                      П. Броўка

***

І стане нястрашны страх, 

І пашы прыбудзе статку, 

І прахам зробіцца прах, 

Бо прахам ён быў спачатку. 

Абух разаб’ецца ў пух, 

Валун зарунее мохам. 

Не будзе самотнець дух, 

Часова дадзены Богам. 

Прысняцца зярняты кулю, 

І перадыхне знямога. 

І вернецца прах у зямлю, 

І вернецца дух да Бога. 

Р. Барадулін


І паслухайце цудоўныя песні на словы П.Броўкі. 

https://youtu.be/ezZqGXB5DSg?si=saT11-FpwRJvfA58 - “Пахне чабор” У.Купрыянаў

https://youtu.be/783niYVquKM?si=GFfusYQlly0Snrys “Пахне чабор” Спрат

https://youtu.be/RjFAzR43XHw?si=iCnn5RlbbAHhFJ1X - “Александрына” Песняры

P.S. Вандроўка на Ушаччыну была арганізавана музеем імя П. Броўкі https://www.instagram.com/museum.brouka?igsh=M3dtdXBmMHY3czln

Комментариев нет:

Отправить комментарий