среда, 21 февраля 2024 г.

Міжнародны дзень роднай мовы сустракаем вынікамі акцыі "Беларуская казка - розуму падказка"


Казка чалавека вучыць мудрасці...

Праяўленню чысціні і людскасці...

Васілько Дзяніс, вучань 5 класа 
ДУА "Гімназія № 2 г.Баранавічы",
 удзельнік акцыі "Беларуская казка - розуму падказка"

Шаноўныя чытачы! Дарагія сябры і аднадумцы!

Сёння, 21 лютага, мы віншуем усіх аматараў роднай мовы са святам! Жадаем натхнення і поспехаў у дасягненні доўгачаканага, дабрыні і дабрабыту,  пяшчотных абдымкаў і ласкавых усмешак! Хай вашы мары на крылах лёгкага ветрыку дасягаюць аблокаў і вяртаюцца цёплымі кроплямі дажджу спраўджаных жаданняў!

З вялікім задавальненнем сёння дзелімся вынікамі гарадской акцыі "Беларуская казка - розуму падказка" з рэспубліканскім удзелам. Вельмі радасна ад таго, што ў нас з вамі разам атрымалася!

Нагадваем, што акцыя праводзілася з 3 студзеня пры падтрымцы ДУА "Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі", у супрацоўніцтве з гарадскім клубам школьных бібліятэкараў "Буквіца" і сеткавай суполкай "Школьныя бібліятэкары горада Мінска". 

Мэта акцыі - абуджэнне пачуцця павагі да роднай мовы як галоўнай культурнай каштоўнасці праз казку.

ДОШКА З РАБОТАМІ

За 6 тыдняў у 8 намінацыях прадстаўлена 188 работ з удзелам 208 чалавек. Сярод удзельнікаў 119 дзяцей, у тым ліку і выхаванцы старэйшай групы дзіцячага садка, і 89 дарослых, амаль палова з якіх супрацоўнікі бібліятэк, у тым ліку і публічных. Здорава бачыць разам прадстаўнікоў розных галін адукацыі: філолагаў і матэматыкаў, дыфектолагаў, педагогаў дадатковай адукацыі і выхавацеляў... Акцыю "Беларуская казка - розуму падказка" падтрымала 71 установа краіны: 32 установы сталіцы і 39 абласных. Не застаўся ўбаку ніводзін абласны цэнтр!

А якія работы! Не перастаю здзіўляцца невычэрпным крыніцам творчасці!

Прадказальна папулярнай стала намінацыя "Чарадзейнае слова". 44 творы ў выкананні дарослых і маленькіх зорачак мастацкага чытання могуць заняць усе перапынкі паміж урокамі ў гэты святочны дзень.

А вось намінацыя "Раскажу табе казку" з'явілася сапраўдным адкрыццём. 44 казкі ўласнага сачынення абсалютна рознай тэматыкі маглі б скласці добры такі зборнічак сучаснай беларускай казкі. Афармленне асобных асабліва ўражвае!

33 работы ляглі ў аснову "Казка сваімі рукамі", з іх 4 лэпбукі. Які палёт фантазіі! З чаго толькі не вырабляюцца казачныя героі! Зайздрасць бярэ!

А якія тэатральныя пастаноўкі прадстаўлены ў "Камернай сцэне"! Адно захапленне паглядзець! Усе 13 на адным дыханні!

Намінацыя "Чытаем і гуляем", прадстаўленая 23 работамі на веданне казак, дазволіць пераканацца, ці сапраўды чытачы добра валодаюць матэрыялам. А для знаёмства з казкамі і паглыблення сваіх ведаў неабходна зазірнуць у прапанаваныя калегамі відэаролікі намінацыі "Глядзім і чытаем". Іх назбіралася 18.

Вялікі дзякуй тым, хто падзяліўся сваімі метадычнымі распрацоўкамі. Тут заўсёды можна падхапіць ідэю і правесці заняткі па казках цікава і разнапланава.

Ну, і канешне, намінацыя, што з'явілася ўжо пасля пачатку акцыі, "Новае гучанне". 4 работы. Але ж якія! Яшчэ не чыталі? Тады абавязкова зазірніце і пазнаёмцеся!

188 работ! Цудоўных! Натхнёных! Натхняльных!

Дзякуй! Дзякуй усім, хто далучыўся, не застаўся ўбаку! 

Асобныя словы падзякі мастаку Эльзе Паповай за дазвол выкарыстаць аўтарскія матэрыялы.

Будзем спадзявацца, што такія маштабныя акцыі да Дня роднай мовы стануць добрай традыцыяй.

Ніжэй, спадзяюся, кожны (нават той, хто забыўся на рэгістрацыю) знойдзе свой сертыфікат. Калі што не знойдзецца ці будзе не так - звяртайцеся на адрасы электроннай пошты  biblio.sch1@minsk.edu.by ці sch.biblio@yandex.by.

СЕРТЫФІКАТЫ  

Хай свет стане крышачку лепей!

Таццяна Аляксандраўна Пасуднеўская, 
кіраўнік гарадскога рэсурснага цэнтра 
"Школьная бібліятэка ХХI стагоддзя", 
загадчык бібліятэкі ДУА "Сярэдняя школа № 1
г. Мінска імя В.П.Чкалава"

Комментариев нет:

Отправить комментарий