четверг, 19 февраля 2026 г.

Мы ўжо пачалі святкаваць Дзень роднай мовы! А вы?

Краска да краскi - дзiўны вяночак. 

Казка да казкi - слухай, сыночак.

 Песнi, паданнi любай старонкi. 

Слухай гучанне роднай гамонкi. 

Сэрцам спасцiгнi шчырыя словы, 

Сiлу i ласку матчынай мовы.

Вельмі хутка мы будзем святкаваць Міжнародны дзень роднай мовы і падвядзём вынікі міжрэгіянальнай сеткавай акцыі "ЛЮБЛЮ СВОЙ КРАЙ". 

Але Дзень роднай мовы - гэта не аднадзённае свята...

Еўсіевіч Тамара Адольфаўна, загадчык бібліятэкі ДУА "Сярэдняя школа № 172 г. Мінска":

Чытаем разам: "Беларускiя пiсьменнiкi - дзецям": гадзiна, прысвечаная Дню роднай мовы, для 1-4 класаў. 

Вучні 1 "А" класа пабывалi ў дзiвоснай i непаўторнай краiне паэзii.

Кожны з удзельнікаў мерапрыемства патрымаў у руках беларускую кнiгу. Зачытаў урывак, якi яму больш спадабаўся.

Творы беларускiх аутараў даспадобы кожнаму, хто хоць раз узяў у рукi гэтыя вершы. Бо яны суцяшаюць, забаўляюць, выклiкаюць у дзяцей цiкавасць i  творчую фантазiю.

Напрыканцы гадзiнкi-весялiнкi дзеткi размаўлялi па-беларуску.

18 лютага мы зноў запрасiлi сваiх чытачоў у дзiвосную i непаўторную краiну паэзii, дакранулiся да яе трапяткiх, задушэўных струн, да яе багацця, дабрынi i пяшчотнай прыгажосцi.
"Як ручаек лясны ў нячэпанай цiшы звiнiць i ў даль плыве, як пошум спелай нiвы. Як зорны перазвон - мелодыя душы, - маей Айчыны спеў - высокi i праўдзiвы".
Вершы, песні, казкі, жарты дарыла сёння Родная Мова. Святло, радасць, таленты раскрывала яна, якiя схавалiся ў кожным дзiцяцi.
Кожны з чытачоў, нарэшце, падзялiўся любiмым беларускiм словам.

 Мялешка Ірына Эдуардаўна, бібліятэкар Мінскай дзяржаўнай гімназіи-каледжа мастацтваў:

У рамках Тыдня беларускай мовы, у Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў адбылася цікавая сустрэча. Таленавітая пісьменніца Алена Стэльмах пазнаёмілася з вучнямі 7‑х і 8‑х класаў і падзялілася з імі сваім літаратурным светам!

Аўтар прадставіла юным чытачам свае кнігі «Супоўніца Міла», «Рыпучае дрэва», «Пашка і сонечны праменьчык».

Сустрэча атрымалася сапраўды незабыўнай! Вучні не толькі пачулі пра кнігі, але і асабіста «пабачылі» герояў гэтых цікавых гісторый. Алена Стэльмах прынесла з сабой лялек, створаных па матывах персанажаў яе казак. Гэта дадало сустрэчы асаблівую чароўную атмасферу — дзеці па‑сапраўднаму акунуліся ў свет добрых, цікавых і дзіўных гісторый. У канцы мерапрыемства вучні   падарылі Алене выцінанку, вырабленую настаўнікам па выяўленчым мастацтве. 

Такія мерапрыемствы натхняюць дзяцей да чытання, развіваюць цікавасць да беларускай літаратуры, дапамагаюць адкрываць новых аўтараў, ствараюць асаблівую сувязь чытача з кнігай.

Вялікі дзякуй Алене Стэльмах за цікавую сустрэчу, адкрытасць і натхненне!

Таццяна Вікенцьеўна Шульская, загадчык бібліятэкі ДУА "Сярэдняя школа № 105 г. Мінска":

У гасцях у нашай школы пабываў беларускі пісьменнік Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў, ганаровы дзеяч культуры Беларусі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў і таварыства дружбы Беларусь–Расія. 

Мы вельмі рыхтаваліся да сустрэчы: знаёміліся з біяграфіяй і творчасцю, зрабілі кніжную выставу, вывучылі некалькі вершаў на памяць. Міхаіл Паўлавіч быў крануты ўцягнутасцю дзяцей і прапанаваў вярнуцца з новым фарматам: зладзім конкурс чытальнікаў і запросім у журы членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

Аўтар распавёў юным чытачам пра дзяцінства, першыя кнігі і натхняльныя сустрэчы з беларускай прозай і паэзіяй. У фінале навучэнцы прынялі ўдзел у вясёлых конкурсах загадак і хуткамовак. Некалькі кніг з аўтографам былі падораны школьнай бібліятэцы і актыўным удзельнікам творчай сустрэчы.


Далучайцеся, шаноўныя! Няхай гучыць родная мова!

Комментариев нет:

Отправить комментарий